Аналитика и обзоры Мнения Мониторинг СМИ Тренды Всячина Видео Тесты Тэги
facebook Lviv Media Forum nizkiz Telegram Азаренок антизападные нарративы балючыя пытанні бела беларусские СМИ беларусско-российская интеграция бигтех будущее Владимир Путин война в Украине выборы в КС выборы-2025 гендер государственные медиа деконструкция диаспора дискриминация доносы закон Израиль инфографика Иран исследования история манипуляции как не поддаться пропаганде Киберпартизаны кино Китай конспект конспирология конференция «Новая Беларусь» Координационный Совет лгбт мова Молдова нарративы пропаганды нарушение стандартов независимые медиа Новая Боровая образование Павел Дуров подкаст политзаключенные политическая коммуникация Польша права человека приемы пропаганды прогнозы прокремлёвские нарративы пропаганда манипуляции пропаганда о чиновниках протесты в Грузии региональные сми рекламный рынок Рико Криегер российские СМИ СБ Сидорская стандарты стандарты журналистики СТВ США твиты телеканалы теория пропаганды тесты Томаш Шмыдт уязвимые группы фашисты фейки ценности Чернобыль Что почитать электоральная кампания 2024 язык вражды

«Дол капалі яму далакопы даўно, далакопы чужыя, не нашы»: пра літаратурныя аб’яднанні 20-30-ых гадоў, якія дыскутавалі паміж сабой і былі знішчаны ўладамі.

У 86-ю гадавіну «Ночы расстраляных паэтаў» Media IQ узгадвае з літаратуразнаўцам і паэтам Віктарам Жыбулем культавыя літаратурныя аб’яднанні «Маладняк» і «Узвышша».

Поделиться:

Аб’яднанне «Узвышша». Злева направа: першы шэраг – Я. Пушча, А. Бабарэка, У. Дубоўка, К. Чорны, З. Бядуля, К. Крапіва; другі шэраг – М. Лужанін, С. Дарожны, А. Адамовіч, Т. Кляшторны, У. Жылка, В. Шашалевіч, П. Глебка. [1927-1928 гг.]. Крыніца: nlb.by

Даведка Media IQ: «Ноч расстраляных паэтаў» 

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску, меркавана ва ўрочышчы Курапаты, былі расстраляныя 108 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячоў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі.

Штогод у Беларусі і за яе межамі 29 і 30 кастрычніка праходзяць вечары памяці рэпрэсаваных беларусаў.

Падрабязней глядзі https://nochpaetau.com/

«Маладняк» не быў аднароднай арганізацыяй, былі свае спрэчкі,  кожны адстойваў свае інтарэсы»

Якія былі прычыны расколу «Маладняка»?

Здавалася б, калі ў 1923 годзе ўтваралася літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», ягоныя сябры мелі агульныя мэты і інтарэсы. Суполку заснавалі шэсць пісьменнікаў: Міхась Чарот, Андрэй Александровіч, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Язэп Пушча і Адам Бабарэка. Першыя чацвёра засталіся ў цэнтральным бюро «Маладняка»,  але другія двое разам з Уладзімірам Дубоўкам сталі заснавальнікамі «Узвышша» і ў нейкім сэнсе – яго тварам.

У 1926 годзе ў колах «Маладняка» пачалася палеміка наконт зборніка вершаў Уладзіміра Дубоўкі «Credo». На пасяджэннях кніга атрымала даволі неадназначныя ацэнкі, у прэсе па выніках  пасяджэнняў акцэнт быў зроблены на яе негатыўных баках. Пасля гэтага Дубоўка напісаў ліст у цэнтральнае бюро «Маладняка» с пратэстам супраць вульгарна-сацыялагізатарскіх ацэнак яго зборніка. Праз месяц страсці напаліліся, і 26 траўня 1926 года Дубоўка выйшаў з «Маладняка». Яго падтрымалі сябры Адам Бабарэка, Язэп Пушча, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля і Кандрат Крапіва. З гэтага ж дня пачынаецца і гісторыя літаратурнага аб’яднання «Узвышша», якое, я думаю, не ўтварылася б без паэта Уладзіміра Дубоўкі.

«Маладняк» негатыўна паставіўся да аддзялення часткі сваіх сяброў, распачалася мэтанакіраваная крытыка ў іх адрас. «Узвышша» прадстаўлялі як суполку, якая адыходзіць ад абранай лініі развіцця літаратуры, ад існуючай ідэалогіі.

Якія былі арганізацыйныя, мастацкія, эстэтычныя адрозненні ў «Маладняка» і «Узвышша»?

Каб лепей зразумець «Маладняк», трэба распавесці, як ён быў уладкаваны. Спачатку малаколькасная арганізацыя, якая пакрысе адкрывае філіі ў іншых гарадах Беларусі і нават за яе межамі (Расея, Чэхія, Латвія), абвяшчае сябе Усебеларускай арганізацыяй паэтаў і пісьменнікаў. І натуральна, маючы столькі філій, колькасць сяброў павялічваецца да некалькіх сотняў.

Кіравала ўсім цэнтральнае бюро на чале з паэтам Міхасём Чаротам. Адапаведна, былі кіраўнікі ў кожнай філіі, якіх было каля 15. А самі ўдзельнікі «Маладняка» падзяляліся на правадзейных сяброў, кандытатаў у сябры і гурткоўцаў. Гурткоўцы толькі пачыналі пісаць, наведвалі гурткі «Маладняка», якія ствараліся ў розных населеных пунктах, нават там, дзе філіі і не было. З колькасна нешматлікай суполкі маладых пісьменнікаў «Маладняк» перарос у масавую рэспубліканскую арганізацыю. Сярод некалькіх сотняў сяброў былі таленавітыя пісьменнікі, але большасць – амаль выпадковыя людзі, для якіх літаратура была часовым захапленнем. Некаторыя ўвогуле нічога не пісалі. Паколькі літаб’яднанне мела разгалінаваную арганізацыйную структуру і шмат у чым залежала ад камсамола, то ўваходзілі ў яго і камсамальскія функцыянеры, якім пісаць было і не абавязкова. У анкеце дэлегатаў першага з’езду «Маладняка», які адбыўся ў лістападзе 1925 года,  ёсць графа «з якога часу пішаце», і хтосьці так і адказаў: «не пішу». Колькасць у якасць не перарастала. «Маладняк» не быў аднароднай арганізацыяй: былі свае спрэчкі,  кожны адстойваў свае інтарэсы, шмат хто нешта не падзяліў з цэнтральным бюро. Таму аб’яднанне зазнала шчэ два расколы.

Узвышэнцы бачылі небяспеку для беларускай літаратуры ў такім падыходзе «Маладняка» – скрозь пальцы глядзець на нізкі мастацкі ўзровень твораў сяброў у ахвяру ідэйнасці.

Яны былі заклапочаны станам  беларускай літаратуры, хацелі, каб яна папаўнялася найлепшымі здабыткамі. Таму спачатку наўмысна паставілі за мэту стварыць суполку, у якой будзе да 10 сяброў. У выніку максімум усіх узвышэнцаў, якія ў розныя часы ўваходзілі ў аб’яднанне, было 17 чалавек. І сапраўды, што не ўзвышэнец, то яркая творчая асоба. Язэп Пушча – таленавіты паэт, які пачаў з цікавых эксперыментаў з вобразнасцю, крытык і філосаф Адам Бабарэка,  майстар псіхалагічнай прозы Кузьма Чорны. Змітрок Бядуля належаў да «нашаніўскага пакалення», але таксама далучыўся. А таксама Уладзімір Дубоўка, Пятро Глебка, Тодар Кляшторны, Сяргей Дарожны, Кандрат Крапіва, Андрэй Мрый, Васіль Шашалевіч, Антон Адамовіч, Уладзімір Жылка, Максім Лужанін, Фелікс Купцэвіч, Лукаш Калюга, Юрка Віцьбіч.

Зборнік вершаў «Credo» (1926) Уладзіміра Дубоўкі і апавяданні Адама Бабарэкі. Крыніца: nlb.by

– Часопіс «Узвышша» выходзіць у 1927–1931, гадах, калі ціск партыі ўжо набраў сілу, а беларусізацыя зварочваецца. Як такое стала магчымым?

– Вядома, мастацкія, эстэтычныя, ідэйныя памкненні «Узвышша» трэба было звязаць з павевамі часу.  Адам Бабарэка развіў тэорыю: ідэолагі «Маладняка» разумеюць само паняцце «пралетарскай літаратуры» вельмі аднабакова, і залічваюць да яго найперш ідэалагічна прасякнутыя творы, дзе асноўнай тэмай з’яўляецца сацыялістычнае будаўніцтва.

Але пралетарый павінен развівацца, для чаго трэба ствараць творы, вартыя  развітага пралетара, новага чалавека. І гэта было ў нейкім сэнсе апраўданнем звароту да найлепшых традыцый беларускай літаратуры «нашаніўскага перыяду», заходнееўрапейскіх пісьменнікаў.

Узвышэнцы цікавіліся набыткамі сусветнай літаратуры, друкавалі ў часопісе артыкулы пра замежныя творы, пераклады. Дубоўка адным з першых у беларускай літаратуры пачаў перакладаць ангельскіх паэтаў-рамантыкаў, таго ж Джорджа Байрана, а Жылка перакладаў, напрыклад, Шарля Бадлера. І «Узвышша», і «Маладняк» звярталіся да фальклорных матываў. Дубоўка мог скарыстаць фальклорны матэрыял, але ж уплесці праблемы сучаснасці і з дапамогай эзопавай мовы пакрытыкаваць сваіх апанентаў у паэмах-камбайнах. Увогуле Дубоўка быў дасціпны, вынаходлівы і заўсёды ведаў, чым можна адказаць  нядобразычліўцам.

«Незалежных  выданняў у той час не існавала»

«Маладняк» пазначаны як грамадска-палітычны часопіс, «Узвышша» толькі як літаратурны і крытычны. Як гэтыя адрозненні праяўляліся на практыцы?

– У часопісаў «Маладняк» і «Узвышша» было шмат падабенства, але разам з тым была і розніца. У «Маладняка», як і ва «Узвышша», асноўнай крыніцай фінансавання былі дзяржаўныя  датацыі, гэта пацвярджаюць захаваныя дакументы. Незалежных  выданняў у БССР у той час не існавала, за выняткам хіба што рукапісных, якія выходзілі накладам у два асобнікі – тут згадваецца слуцкі часопіс «Наша слова»1925 г.

Часопіс «Маладняк» пачынае выходзіць з 1923 года. Пэўнае месца на старонках асабліва ў першыя гады займала публіцыстыка партыйных функцыянераў: артыкулы пра гісторыю камсамола БССР, Леніна, матэрыялы «на злобу дня» пра актуальныя падзеі, прапаганда. «Маладняк» адпачатку абвясціў, што трымаецца генеральнай лініі партыі і намераны адлюстроўваць у сваёй творчасці новыя рэвалюцыйныя пераўтварэнні, то бок ідэалогію пралетарыяту. Гэта было пазначана ў розных праграмных артыкулах і дэкларацыях.

Але на старонках часопіса было што пачытаць, друкаваліся самыя розныя творы: на агульначалавечыя тэмы, чыстая лірыка, эксперыменты з формай і зместам, з вобразнасцю. Тады пачынала зараджацца беларуская прыгодніцкая і падлеткавая літаратура. Алесь Александровіч, Анатоль Вольны і Алесь Дудар ў суаўтарстве стварылі  раман «Ваўчаняты». Напачатку маладнякоўцы пазіцыянавалі сябе і як імажыністы. Нават у расейскім імажынісцкім часопісе «Гостиница для путешествующих в прекрасном» у артыкуле Матвея Ройзмана пад назвай «Белорусские имажинисты» былі пералічаны асноўныя аўтары-маладнякоўцы.

Ва «Узвышшы» пераважна змяшчаліся нарысы пра пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, у тым ліку замежных.

Расказвалі пра сусветныя мастацкія кірункі, літаратурны працэс у розных краінах, дбалі пра рознабаковае развіццё беларускіх пісьменнікаў і чытачоў. Публіцыстычных артыкулаў «на злобу дня» было мала.

Аб’яднанне, як і часопіс, імкнуліся да грунтоўнага асэнсавання класічнай спадчыны Беларусі ў розных галінах мастацтва. З «Узвышшам» пэўны час супрацоўнічаў вядомы беларускі журналіст-эсперантыст Зміцер Снежка, які друкаваў нарысы пра літаратуру розных краін на аснове матэрыялаў, перакладзеных з мовы эсперанта. Зміцер Снежка таксама вёў замежную літаратурную хроніку ў часопісе. Раздзел хронікі быў і ў «Маладняку».

Вядома, на старонках «Узвышша» выходзіла шмат  глыбакадумных артыкулаў, падмацаваных філасофскімі, эстэтычнымі тэорыямі, аўтарам якіх быў пераважна Адам Бабарэка, выбітны інтэлектуал свайго часу. Многія творы, якія друкаваліся ва «Узвышшы», сталі хрэстаматыйнымі: аповесць «Салавей» Змітрака Бядулі, «Запіскі Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя, раман «Сястра» Кузьмы Чорнага, вершы і паэмы Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Уладзіміра Жылкі, байкі Кандрата Крапівы.

Літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”. У першым радзе (сядзяць): Язэп Падабед, Алесь Якімовіч, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Язэп Пушча. У другім радзе (стаяць): Адам Бабарэка, Нічыпар Чарнушэвіч, Паўлюк Трус, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Кузьма Чорны. 1924–1925 гг. Крыніца:nlb.by

«Нядобразычліўцы «Узвышша» нібыта  імкнуліся стварыць уражанне масавасці, маўляў, паглядзіце, колькім чытачам і крытыкам не падабаецца аб’яднанне».

Распавядзіце, калі ласка, пра палеміку паміж «Маладняком» і «Узвышшам». 

– Менавіта на старонках «Маладняка» выйшлі першыя водгукі на кнігі Уладзіміра Дубоўкі. Асабліва Дубоўку  пакрыўдзіла рэцэнзія пад назвай «Форма і ідэалогія», падпісаная ініцыяламі Я. Ч. Быў такі маладняковец Янка Чаладзінскі, але Адам Бабарэка ў рукапісах сцвярджае, што Я. Ч – гэта Алесь Дудар. Сама назва сведчыць пра зараджэнне вульгарнага сацыялагізму. Дудар, вядома, быў творцам даволі высокіх патрабаванняў і не найгоршага мастацкага густу, часам крытыкаваў па справе, але ж і звяртаўся да сацыялагізатарства. Адгукнуўшыся на гэтую рэцэнзію, Дубоўка напісаў у цэнтральнае бюро ліст-пратэст, у якім па пунктах абвяргаў кожную тэзу Дудара. Надрукаваны ліст не быў, але захаваўся ў Нацыянальным архіве Беларусі і апублікаваны толькі ў 90-ыя гады.

Надалей крытычныя артыкулы пра «Узвышша» і творчасць яго сяброў выходзілі, акрамя «Маладняка», у газеце «Савецкая Беларусь» і часопісе «Полымя». Выступалі Алесь Дудар пад сваім сталым псеўданімам Тодар Глыбоцкі, Зміцер Жылуновіч пад сапраўдным прозвішчам і псеўданімамі Сымон Друк, Янка Пільны, Вар і г. д. Каб трошкі мець уяўленне пра сутнасць гэтых артыкулаў, думаю, дастаткова пералічыць толькі  назвы. Глыбоцкі: «Аб фальшы камертонаў», «Некаторыя заўвагі да становішча беларускай літаратуры». У назве артыкула «Вельмі многа слоў» Дудар перафразаваў верш Дубоўкі,  які скончваўся радкамі: «Вельмі многа крыўды, вельмі мала слоў». Далей: «Пад шыльдай пралетарскай літаратуры» (рэцэнзіі на першы і другі нумары «Узвышша»), «Літаратурныя сектанты», «Літаратурнае балота. Пра Узвышша». Артыкулы Жылуновіча: «Ці сапраўды “Узвышша” ёсць “Узвышша”?», «Узвышаўцы злуюцца, узвышаўцы лаюцца», «Шкоднае ў беларускай літаратуры. Што было і чаго не павінна быць», «Лаянка і нясталасць на належным «Узвышшы».

Потым да палемікі далучыўся Алесь Сянкевіч, які актыўна звяртаўся да вульгарнага сацыялагізму.  Яго артыкул у газеце «Звязда» меў назву: «Сацыяльныя матывы творчасці, Або сабачыя лісты паэта Язэпа Пушчы». Публікаваўся пад псеўданімамі Джугар, Садовіч і інш. Нядобразычліўцы «Узвышша» нібыта  імкнуліся стварыць уражанне масавасці, маўляў, паглядзіце, колькім чытачам і крытыкам не падабаецца аб’яднанне.

Даходзіла да таго, што ў адных сваіх артыкулах, скіраваных супраць «Узвышша», у якасці аргументаў і доказаў пэўных тэз цытавалі свае ж артыкулы, надрукаваныя пад іншымі псеўданімамі.

І ўжо зусім у кепскім святле «Узвышша» малявалі Лукаш Бэндэ, Янка Ліманоўскі і Арэст Канакоцін на мяжы 1920-х – 1930-х, напоўніцу выкарыстоўваючы вульгарны сацыялагізм. Арэст Канакоцін выдаў кнігу «Літаратура – зброя клясавай барацьбы», дзе ва ўсіх падрабязнасцях распісаў «грахі» аб’яднання. Тады ўжо гэта набыло асабліва небяспечны характар, поўным ходам ішла першая хваля рэпрэсій.

Язэп Пушча, Уладзімір Дубоўка, Андрэй Александровіч, 1925 год. Крыніца: nlb.by

Як «Узвышша» рэагавала на крытыку ў свой бок?

– Падчас знаёмства з архівамі Адама Бабарэкі, працы над зборам яго твораў, я пабачыў, што публікацыі  ва «Узвышшы» – толькі вяршыня айсберга. Шмат з таго, што хацеў выказаць сваім апанентам Адам Бабарэка, так і засталося неапублікаваным. Ён быў творцам вельмі грунтоўным, калі пачынаў нешта пісаць, рабіў некалькі варыянтаў, абмалёўваў праблему то ў крытычным рэчышчы, то ў эсэістычным, то ў напаўжартоўнай форме. Ствараў нешта кшталту крытычных нарысаў у эпісталярнай форме: уявіў чытача, з якім у лістах дзяліўся ўсімі праблемамі літаратурнай барацьбы,  расказваў яму пра гэта, як сябру ў сталоўцы. Адна з такіх прац мае падзагаловак «Лісты да невядомага друга». Таксама Бабарэка пісаў манаграфію пра паэта Язэпа Пушчу пад назвай «Супраць ветру». Манаграфія тады не была надрукавана, але ж у 2011 годзе яе поўны тэкст увайшоў у збор твораў.  Што цікава, Бабарэка ўзяў  радкі з верша Пушчы, якія сустрэлі асаблівую непрыхільнасць тагачасных крытыкаў, у прыватнасці, Сянкевіча. Той знайшоў там праявы контррэвалюцыйнасці, кулацка-нэпманскай ідэалогіі і шкодніцтва.

Узвышэнцы публікавалі ў часопісе калектыўныя рэцэнзіі пад псеўданімам, якім карысталіся па чарзе: Трыер альбо Трыкліні. Шмат якія старонкі гэтай літаратурнай барацьбы адлюстраваліся ў эпісталярнай спадчыне ўзвышэнцаў, у ліставанні Дубоўкі  з Бабарэкам.

З лістоў зразумела, што паэты  былі поўныя самых разнастайных ідэй, але вымушаны вялікую ўвагу надаваць барацьбе з апанентамі, неяк ад іх адбівацца, што, вядома, тармазіла іх больш істотныя творчыя справы, больш вартыя іх талентаў.

«Сябры аб’яднання вельмі не хацелі, каб “Маладняк” трапіў пад расейскі камуністычны ціск»

Якой была рэакцыя маладнякоўцаў, асабліва тых, хто браў удзел у палеміцы з «Узвышшам», на рэарганізацыю «Маладняка» ў БелАПП? 

– На сходзе ў лістападзе 1928 года «Маладняк» быў пераарганізаваны ў БелаАПП (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў). «Узвышша» яшчэ існавала.  Рэарганізацыя прадугледжвала падпарадкаванне БелаАППа ВАППу (Усесаюзная арганізацыя пралетарскіх пісьменнікаў), то бок яшчэ больш шчыльны кантроль партыі над літаратурным працэсам, і яшчэ большую залежнасць ад маскоўскага ЦК КПБ. Маладнякоўцы былі засмучаныя зменамі, цяжка перажывалі іх.

У снежні 1927 года з «Маладняка» выйшла група літаратараў, сярод якіх былі і Міхась Зарэцкі з Алесем Дударом.

Сябры аб’яднання вельмі не хацелі, каб «Маладняк» трапіў пад расійскі партыйны і культурны ціск. Дудар быў упэўнены, што такія ўплывы кепска адбіваюцца на творчай практыцы беларускіх пісьменнікаў, якія ўсё больш імкнуліся пераймаць расейскіх.

Таксама Дудар у 1928 годзе распачаў тэатральную дыскусію, публікаваў вострую крытыку, у якой асуджаў рэпертуар беларускіх тэатраў за тое, што ён складаўся пераважна з расейскіх п’ес.  А ў дзень рэарганізацыі «Маладняка» Алесь Дудар напісаў  верш «На сьмерць “Маладняка”».

Дол капалі яму далакопы даўно,
Далакопы чужыя, ня нашы:
– Вы падмурак для нас, для сяўбы нашай гной,
Для жывёліны нашае паша…

Самі вінны ва ўсім. Ляжа ганьба на нас;
Наша воля, наш розум і сіла
Хай маўчаць і цяпер, ў гэты дзень, ў гэты час
Над глыбокай і сьвежай магілай.

«Узвышша» працягвала нейкі час існаваць паралельна з БелаАПП, але ж у канцы 1931 года ліквідавалася, перастаў выходзіць і часопіс.  Узвышэнцы, якія былі высланы з Беларусі ў 1931 годзе, меркавалі, што насамрэч сапраўднае «Узвышша» перастала існаваць яшчэ раней, бо было пазбаўлена свайго сэрца і мозга: Бабарэкі, Пушчы, Дубоўкі. Апошнія месяцы літаб’яданне зазнала пільны кантроль, і не магло сабе дазволіць ніякіх вольнасцяў, якія ў іх прабіваліся раней.

Паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль са зборам твораў Адама Бабарэкі, адным з укладальнікаў якога і з’яўляецца, 2019 год. Крыніца: nlb.by

–  Ці паўплывала публічная палеміка на цікавасць органаў да «Узвышша», на прымус напісаць «Пастанову літаратурна-мастацкага згуртавання пра палітычныя памылкі ў літаратурна-публіцыстычнай творчасці» ў 1930 годзе?

  Рана ці позна ўсё адно партфункцыянеры, потым Дзяржаўнае палітычнае праўленне БССР ўзяліся б за «Узвышша». Ці крытыкавалі б іх маладнякоўцы, ці нехта іншы, ці зусім ніхто. Узаемная палеміка бралася пад увагу карнымі органамі, выкарыстоўвалася і супраць маладнякоўцаў, і супраць узвышэнцаў. Маладнякоўцы таксама зазналі рэпрэсіі: адным з першых рэпрэсаваных пісьменнікаў быў Алесь Дудар, якога ў 1929 годзе выслалі ў Смаленск. Яркім творчым індывідуальнасцям у час, калі ўсё вырашала партыя, было надзвычай цяжка існаваць у  пракруставым ложы.

Паміж сабой маладнякоўцы і ўзвышэнцы ворагамі не былі. Некаторыя былі сябрамі, іншыя маглі разам і ў рэстарацыю схадзіць, частка сяброў абодвух літаратурных аб’яднанняў уваходзіла ў неафіцыйную суполку ТАВІЗ (Таварыства аматараў выпіць і закусіць). Натуральна, яны сустракаліся на літаратурных імпрэзах, іншых розных мерапрыемствах,  разам выступалі. Акрамя таго, некаторыя маладнякоўцы друкаваліся ва «Узвышшы», а ўзвышэнцы – у «Маладняку».

Напэўна, у розныя час бывае так, што людзі марнуюць зашмат энергіі на неабавязковыя і нават непатрэбныя спрэчкі – замест таго, каб гэтую энергію скіраваць на больш стваральнае. Можа, калі б умовы былі іншыя, то Бабарэка і Дудар патрацілі б болей часу і сіл на мастацкія і  філасофскія творы. А так  мусілі спісаць вялікія стосы паперы дзеля гэтай палемікі, што не найлепшым чынам адбівалася на іх творчай дзейнасці.

Хорошо 2
Смешно
Грустно
Злюсь
Кошмар
Поделиться:

Смотрите также

Обсудим, как пропаганда использует Олимпиаду для манипуляций, разоблачаем мифы о "оскорблении чувств верующих", исследуем эффект Даннинга-Крюгера и его влияние на восприятие информации. Также рассмотрим, как беларусские СМИ освещают выборы в США и последствия урагана в Беларуси.

Аналитика и обзоры

Мнения

Мониторинг СМИ

Тренды

Всячина

Видео

Тесты