Пяць наратываў пра Літву: як «Клуб редакторов» будуе вобраз ворага
Літва — адзін з галоўных партнёраў беларускіх дэмакратычных сіл. І адначасова — адзін з галоўных «ворагаў» у дзяржаўным медыядыскурсе. Media IQ прааналізаваў выпускі «Клуба редакторов» і высветліў, як гэтая супярэчнасць эксплуатуецца прапагандай.
У тэорыі дыскурсу тэрмін «вялікі Іншы» апісвае фігуру, якая выконвае сістэмаўтваральную функцыю ў палітычным наратыве: гэта не проста вораг, а неабходны антыпод, праз адмаўленне якога самавызначаецца ўлада. Беларуская дзяржаўная прапаганда заўжды мела такую фігуру. Доўгі час яе роля належала Польшчы — краіне, якая ўтрымлівала найбуйнейшую беларускую дыяспару, палітычных эмігрантаў, фінансавала незалежныя СМІ і ўспрымалася ў Мінску як галоўны лялькавод «каляровых рэвалюцый».
Аналіз адабраных выпускаў перадачы «Клуб редакторов», у якіх згадвалася Літва, дазваляе зафіксаваць прыкметны зрух: менавіта Літва ўсё часцей кадруецца як адзін з «галоўных Іншых» у дзяржаўным медыядыскурсе. Гэта яшчэ не даказвае, што яна канчаткова выцесніла Польшчу з гэтай ролі ва ўсёй прапагандысцкай сістэме, але сведчыць пра істотнае ўзмацненне яе сімвалічнай функцыі. Сімптаматычна, што 21 студзеня 2026 года міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву БЕЛТА публічна расставіў акцэнты: «Больш за ўсё я разлічваю, што хутчэй за ўсё ўзаемадзеянне адновіцца з Польшчай», — тлумачачы гэта прагматызмам Варшавы. Пра Літву ён выказаўся зусім інакш: «Яны абавязаны сваімі пасадамі не літоўскаму народу, а брусельскаму або вашынгтонскаму абкомам».
Гэты зрух варта разглядаць не як простае адлюстраванне міждзяржаўных адносін, а як прапагандысцкую аперацыю са значным сімвалічным вымярэннем. З аднаго боку Літва «безнадзейна варожая» рэжыму Лукашэнкі, з іншага боку яна застаецца адным з ключавых партнёраў беларускіх дэмакратычных сіл. Невыпадкова ў канцы сакавіка 2026 года ў Сейме Літвы Ціханоўская асобна падкрэслівала, што беларусы “не маюць імперскіх амбіцый”, а беларускі народ трэба адрозніваць ад рэжыму Лукашэнкі; гэта паказвае, што ў рэальнай палітычнай камунікацыі ідзе не толькі канфрантацыя, але і барацьба за развядзенне беларускага грамадства і рэжыму.
Але гэтае партнёрства не азначае палітычнай бясхмарнасці. У пачатку красавіка 2026 года прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа дапусціў магчымасць дыялогу з Мінскам толькі пры вельмі жорсткіх папярэдніх умовах, а яго дарадца Аста Скайсгірытэ яшчэ раней падкрэсліла, што без такіх умоў перамовы для Вільні былі б складанымі. Менавіта гэтая супярэчнасць — паміж рэальнай стратэгічнай роллю Літвы і яе дэманізацыяй у дзяржаўным дыскурсе — і робіць літоўскі напрамак асабліва зручным для прапаганды.
Чаму менавіта Літва? Гэта не значыць, што Літва стала галоўнай тэмай усёй беларускай прапаганды. Гаворка пра іншае: у тых выпадках, калі Літва трапляе ў фокус дзяржаўнага медыядыскурсу, яна ўсё часцей паказваецца не як адзін з суседзяў, а як асаблівы і сімвалічна нагружаны праціўнік. Адна з галоўных прычын — тая сімвалічная і палітычная роля, якую Вільня набыла для беларускіх дэмакратычных сіл пасля 2020 года. З’яўленне Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільне ў свой час ператварыла літоўскую сталіцу ў сімвалічны цэнтр дэмакратычных сіл у выгнанні. Пры гэтым нават частковае перамяшчэнне працы ў Варшаву ў сакавіку 2026 года не адмяніла гэтай ролі. Ціханоўская называла змены не «пераездам», а «пашырэннем» і падкрэслівала, што офіс у Вільні застаецца акрэдытаваным. Больш за тое, яе каманда асобна адзначала, што менавіта Вільня застаецца дыпламатычным хабам беларускіх дэмакратычных сіл.
Для кіроўнага рэжыму Лукашэнкі гэта азначала, што дыскрэдытацыя Літвы і дэлегітымізацыя апазіцыі сталі двума бакамі адной прапагандысцкай задачы. Варшаўскае пашырэнне офіса тут не абясцэньвае, а, наадварот, узмацняе гэты аргумент: для прапаганды важная не фактычная колькасць супрацоўнікаў у Вільні, а сімвалічная сувязь Літвы з беларускай палітычнай альтэрнатывай.
Штотыднёвая перадача «Клуб редакторов» з’яўляецца свайго кшталту квінтэнсенцыяй беларускай прапаганды, бо ў ёй удзельнічаюць кіраўнікі галоўных дзяржСМІ Беларусі. Media IQ прааналізаваў 21 выпуск, дзе так або інакш прыгадвалася Літва або асобы, звязаныя з гэтай дзяржавай.
Пяць наратываў пра Літву: ад «санкцыйнага тэрору» да «краіны ва ўпадку»
Аналіз паказаў, што вобраз Літвы будуецца не хаатычна, а паводле ўстойлівай матрыцы. На працягу двух з паловай гадоў Media IQ фіксавалі пяць наратываў, якія паўтараюцца, камбінуюцца між сабой і ўзаемападмацоўваюцца.
Першы і найбольш частотны — Літва як варожая дзяржава, якая ажыццяўляе мэтанакіраваны ціск на Беларусь. Індыкатар гэтага наратыву — слова «санкцыйны тэрор», якое ўжываецца так рэгулярна, што ўжо набыло характар устойлівага кліша. Менавіта праз гэту рамку падаецца любое дзеянне Вільнюса: закрыццё мяжы, абмежаванні на транзіт, падтрымка санкцый ЕС. Усё гэта, як сцвярджаецца ў перадачы, — не палітычныя рашэнні суверэннай дзяржавы, а «жалкая і подлая кампанія» (эфір ад 26 верасня 2025 года) або дзеянні «не зусім адэкватнага рэжыму» (13 лютага 2026 года).
Другі наратыў лагічна выцякае з першага: Літва як плацдарм НАТА і марыянетка Захаду, пазбаўленая ўласнай суб’ектнасці. «Няшчасная амерыканская калонія» (12 снежня 2025 года), «сабачка на прывязі», «лімітроф» — усе гэтыя азначэнні выконваюць адну функцыю: адмаўляюць Літве права на самастойны выбар. Яе дзеянні тлумачацца не нацыянальнымі інтарэсамі, а загадамі «брусельскага або вашынгтонскага абкому» — менавіта так сфармуляваў гэта міністр Рыжанкоў у згаданым інтэрв’ю БЕЛТА, і менавіта такую логіку рэгулярна ўзнаўляе «Клуб редакторов». Асобнае месца тут займаюць геаграфічныя страшылкі — «Сувалкскі калідор», «Балтыйскі балкон», «нямецкая база ў 15–17 км ад мяжы» — якія ператвараюць суседнюю краіну ў вобраз непасрэднай ваеннай пагрозы для Беларусі. Пры гэтым важна не блытаць прапагандысцкае перабольшанне з рэальным літоўскім парадкам дня. У снежні 2025 года Літва ўводзіла «экстрэмальны рэжым» праз шары з боку Беларусі, якія, паводле Вільні, пагражалі авіяцыі і нацыянальнай бяспецы; і вясной 2026-га Наўседа зноў увязваў магчымы дыялог з Мінскам са спыненнем такіх інцыдэнтаў і міграцыйнага ціску.

Трэці наратыў мае найбольш канкрэтны адрас: Літва як прытулак «ворагаў» — краіна, якая свядома ўтрымлівае беларускую апазіцыю. «Змагары ў Вільнюсе», «офіс Ціханоўскай», «фінансаванне беларускіх маргіналаў» — гэтыя формулы ўзнікаюць у эфіры кожны раз, калі трэба дыскрэдытаваць беларускія дэмакратычныя сілы ў выгнанні. Механізм просты: зневажальны вобраз Літвы аўтаматычна зневажае ўсіх, хто на яе тэрыторыі знаходзіцца. Дыскрэдытацыя гэтай краіны і дэгуманізацыя беларускай апазіцыі у гэтым наратыве адбываюцца адначасова. І нават калі частка працы дэмакратычных структур перамяшчаецца ў Варшаву, гэты наратыў не знікае: для прапаганды Вільня ўжо даўно не проста геаграфічны пункт, а знак беларускай палітычнай альтэрнатывы.
Чацвёрты наратыў — краіна ва ўпадку — выконвае функцыю адваротнага люстра, часткі вобраза «вялікага Іншага». Дэградацыя эканомікі суседа падаецца як доказ правільнасці беларускага шляху. «Порт зарос дрэвамі», «завод зачынілі», «моладзь з’ехала», «дэіндустрыялізацыя пасля ўступлення ў ЕС» — усе гэтыя выказванні служаць адной мэце: паказаць, чым заканчваецца «еўрапейскі выбар». У эфіры ад 27 лютага 2026 года літоўскія палітыкі наўпрост называліся «гаўляйтарамі», а іх краіна — тэрыторыяй, дзе «выціраюць ногі аб суверэнітэт». У эфіры ад 29 жніўня 2025 года Беларусь падавалася як сапраўдны цэнтр цывілізацыі і прагрэсу ў рэгіёне — у супрацьстаўленні Літве, якая «нічога не стварыла».

Пяты наратыў — крыніца гістарычных правакацый — з’яўляецца радзей за астатнія, але ў пэўныя моманты для яго з’яўлення нават запрашаюцца адмысловыя госці, пераважна носьбіты каштоўнасцяў «рускага свету». Наратыў заснаваны на ідэі, што Літва нібыта ўшаноўвае калабарантаў другой сусветнай вайны, фальсіфікуе мінулае, баіцца «канкурэнцыі» з боку беларускага погляду на ВКЛ. Менавіта сюды ўбудоўваецца тэма «літвінізму» — але пра гэта асобна.

«Літвінізм»: як гістарычная дыскусія ператвараецца ў прапагандысцкую зброю
Сярод усіх тэм, якія беларуская дзяржаўная прапаганда эксплуатуе ў дачыненні да Літвы, «літвінізм» займае асобнае месца — не з-за частотнасці, а з-за сваёй канцэптуальнай функцыі. Гэта адзіная тэма, якая адначасова закранае і вобраз Літвы як дзяржавы, і вобраз беларускай апазіцыі, і пытанні гістарычнай ідэнтычнасці беларускага народу.
Сам тэрмін шматзначны, размыты, і менавіта гэтая шматзначнасць робіць яго зручным прапагандысцкім інструментам. У шырокім сэнсе «літвінізм» — гэта проста цікавасць беларусаў да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойтскага як да агульнай з суседнім літоўскім народамі мінуўшчыны, нармальная частка гістарычнай самасвядомасці. У вузкім сэнсе — гістарычны рэвізіянізм, які абвяшчае ВКЛ выключна беларускай дзяржавай і лічыць сучасных літоўцаў («жамойтаў») не датычнымі да палітычнай спадчыны княства. Менавіта гэтая размытасць мяжы паміж шырокім і вузкім сэнсамі і эксплуатуецца ў прапагандысцкім дыскурсе: «літвінізм» як ярлык навешваецца на любога, хто цікавіцца ВКЛ, незалежна ад таго, якой пазіцыі ён прытрымліваецца.
У «Клубе рэдактараў» гэтая тэма ўзнікае не пастаянна, а хвалямі — у адказ на канкрэтныя падзеі. У эфіры ад 18 красавіка 2025 года «літвінізм» быў прадстаўлены як інструмент, з якім беларуская апазіцыя «прыехала» ў Літву, каб раскалоць адносіны паміж двума краінамі, — і адначасова як прычына, чаму літоўцы нібыта самі «баяцца» беларускіх гісторыкаў, бо «скралі гісторыю» і цяпер не хочуць канкурэнцыі. У эфіры ад 5 снежня 2025 года «літвінскі фактар» ужо падаваўся як апраўданне для фінансавання з Вільні «беларускіх маргіналаў і калабарантаў». Такім чынам, тэрмін выкарыстоўваецца ў двух розных, але дапаўняльных функцыях: ён дыскрэдытуе апазіцыю («выкарыстоўваюць гісторыю для расколу») і адначасова дыскрэдытуе Літву («баіцца праўды пра ВКЛ»).
Паказальна, што сам міністр замежных спраў Рыжанкоў у ліпені 2024 года ў праграме ОНТ «Марков. Ничего личного» публічна ўзяў гэтую тэму на ўзбраенне, заявіўшы, што «Літве самае галоўнае забіць у Беларусі любыя пачаткі якога-небудзь атаясамлівання вось гэтых паўднёвых рэгіёнаў Літвы з беларускай нацыянальнай ідэяй, якую беглыя называюць «літвінізмам»». Дыпламатычны і прапагандысцкі дыскурсы тут зліваюцца: тэма, якую «Клуб редакторов» апрацоўвае як гістарычную правакацыю, атрымлівае афіцыйнае замацаванне на ўзроўні МЗС. Гэта важны аспект: звязка «Літва — беглыя — літвінізм» існуе ўжо не толькі на ўзроўні студыйнай прапагандысцкай рыторыкі, але і на ўзроўні афіцыйнай знешнепалітычнай мовы рэжыму.

«Літвінізм» ці «рускі свет»? Тэрытарыяльныя прэтэнзіі як запазычаны інструмент
Асобнага тлумачэння патрабуе тэза пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Літвы, якія прагучалі ў «Клубе редакторов». Важная акалічнасць: гэтыя выказванні не належалі галоўным рэдактарам дзяржаўных СМІ — пастаянным удзельнікам перадачы. Яны належалі запрошаным гасцям, у прыватнасці Вадзіму Гігіну — дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі, які ў беларускім публічным дыскурсе стаіць бліжэй да ідэалогіі «рускага свету», чым да рэдакцыйнай лініі дзяржаўных СМІ. Гэтая дэталь важная для разумення таго, як устроена сама перадача: фармат «дыскусіі» дазваляе ўводзіць у эфір радыкальныя тэзісы праз гасцей, захоўваючы пры гэтым пэўную дыстанцыю з боку штатных спікераў.
Тэзіс з эфіру ад 8 жніўня 2025 года гучаў прыкладна так: Літва ў складзе СССР атрымала ад Савецкага Саюза тэрыторыі, якія ёй не належалі. Гэты тып аргументацыі добра пазнавальны і выглядае хутчэй як запазычанне з больш шырокага расійскага імперскага рэпертуару, чым як самастойна выпрацаваная беларуская гістарычная пазіцыя. На Першым штогадовым экспертным семінары па пытаннях літоўска-беларускіх адносін, дзе прадстаўлялася дадзенае даследаванне, была выказана гіпотэза: тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Літвы праз аргументацыю спадчыны ВКЛ з’явіліся ў расійскім дыскурсе значна раней — яшчэ ў эпоху апраўдання падзелаў Рэчы Паспалітай, калі ВКЛ падавалася як «руская дзяржава», якую трэба было вярнуць «дамоў», у маскоўскую дзяржаву, у якой Літва ніколі пры гэтым не была. Сёння гэтая ж логіка ўзнаўляецца ў новым кантэксце — і нагадвае механізм канцэпцыі «Навароссіі», якая ў 2014–2022 гадах апраўдвала захоп усходнеўкраінскіх тэрыторый праз гістарычную аргументацыю пра «спрадвечна рускія землі».
Менавіта таму мы лічым, што ўжыванне тэрміна «літвінізм» у дачыненні да таго, што мы назіраем у «Клубе редакторов», было б памылковым. «Літвінізм» у сваім вузкім сэнсе — гэта беларускацэнтрычная гістарычная тэорыя, якая прэтэндуе на спадчыну ВКЛ для Беларусі. Тое, што мы фіксуем у дзяржаўным медыядыскурсе, — гэта нешта іншае: выкарыстанне гістарычнай тэматыкі ВКЛ як дадатковага інструмента ў канструяванні вобраза «галоўнага Іншага». Літва патрэбна прапагандзе не як аб’ект гістарычнай спрэчкі, а як сімвал варожага Захаду з зручна прычэпленай гістарычнай этыкеткай.