«Русский мир» як ідэалогія і палітыка «мяккай сілы»
Канвенцыйны, умоўны тэрмін «русский мир», які абазначае ў шырокім сэнсе ідэалогію сучаснай расійскай дзяржавы, у вузкім — яе палітыку мяккай сілы. Гэта назва выкарыстоўваецца паралельна з тэрмінамі «рашызм», «пуцінізм», рускі нацыяналізм, рускі рэваншызм і т. п. Але менавіта «русский мир» у найбольшай ступені замацаваўся ў экспертным і акадэмічным асяроддзі.
«Русский мир» як ідэалогія
Ідэалогія «русского мира» істотна адрозніваецца ад класічных таталітарных ідэалогій ХХ ст. У яе няма ўласнай адзінай назвы, сталага набору ідэй, прызнанага корпуса сакралізаваных тэкстаў. Гэта форма сучаснай гібрыднай ідэалогіі, для якой характэрны размыты, «заблюраны» і мазаічны характар. Гэта той выпадак, калі ў залежнасці ад сітуацыі выкарыстоўваюцца то савецкія, то дасавецкія, то антысавецкія кампаненты, часта — адначасова.
Нягледзячы на відавочную ўнутраную супярэчлівасць і непаслядоўнасць, ідэалогія «русского мира» дэманструе велізарную здольнасць правакаваць маштабную сацыяльную мабілізацыю і масавую падтрымку палітыкі Крамля як у самой Расіі, так і за яе межамі. Яна распаўсюдзіла свой уплыў, прынамсі, на частку рускамоўных супольнасцей не толькі ў шэрагу суседніх з Расіяй краін, але і ва ўсім свеце. Надзвычайная эфектыўнасць ідэалогіі «русского мира» непасрэдна звязана з дзейнасцю расійскай прапагандысцкай машыны, якая на сённяшні дзень пераўзыходзіць па сваіх маштабах усе вядомыя ў гісторыі чалавецтва падобныя сістэмы, у тым ліку савецкую і нацысцкую.
Канчатковая мэта «русского мира» — стварэнне такога новага міжнароднага парадку, які забяспечыць Расіі пануючае становішча ў свеце. Ён прадугледжвае дэмантаж сістэмы міжнароднай бяспекі, змену межаў і ліквідацыю цэлых дзяржаў, нанясенне стратэгічнай паразы заходнім ліберальным дэмакратыям. У яе аснове ляжаць ідэі рускага месіянізму, шавінізму, еўразійства, геапалітыкі — у спалучэнні з практыкамі ксенафобіі, інструменталізацыяй гісторыі, культам Перамогі і г. д.
Рускі месіянізм — ідэя аб унікальным прызначэнні рускага народа як духоўнага лідара ўсяго чалавецтва, узору для яго развіцця. Яна ўзнікае яшчэ ў сяр. XV ст., калі маскоўскія князі спрабавалі манапалізаваць спадчыну Візантыйскай і Рымскай імперый і абвясцілі Маскву трэцім Рымам. Рускі месіянізм набыў новы ўзровень развіцця ў ХІХ ст. А сёння ўзнікла новае прачытанне, згодна з якім Расія выконвае ролю выратавальніка сусвету ад прыгнёту глабалізму і заходняга свету.
Значную ролю ў ідэалогіі «русского мира» адыгрывае канцэпцыя еўразійства. Яна ўзнікла ў асяроддзі рускай інтэлектуальнай эміграцыі (Мікалай Трубяцкі, Пётр Савіцкі, Дзмітрый Святаполк-Мірскі і інш.) у 1920–1930-я гг. Зыходзячы з прынцыпаў геаграфічнага дэтэрмінізму, яны лічылі, што Расія непазбежна павінна быць гіганцкай кантынентальнай дзяржавай, заснаванай на аўтарктычнай планавай эканоміцы, геапалітычна і культурна супрацьпастаўленай Захаду. Палітычную сістэму будучай Расіі еўразійцы бачылі ў форме ідэакратыі — улады групоўкі, утворанай на прынцыпе адданасці «ідэі-уладару», якая кіруе ўсімі бакамі грамадства.
Ранняе еўразійства прыйшло ў заняпад у канцы 1930-х гг., але набыло папулярнасць пасля распаду Савецкага Саюза. Гэта адбылося дзякуючы спадчыне Льва Гумілёва, які аб’яднаў ідэі еўразійства са сваёй арыгінальнай тэорыяй этнасу, і дзейнасці Аляксандра Дугіна, які распрацаваў канцэпцыю таталітарнай Еўразійскай імперыі і ўсталявання новага сусветнага парадку.
З еўразійствам цесна звязаная сучасная расійская геапалітыка. Яна стала адным з мэйнстрымаў публічнага дыскурсу, пачынаючы з 2000-х гадоў. Састарэлыя геапалітычныя канцэпцыі ХІХ – першай паловы ХХ стст., якія шмат у чым справакавалі дзве сусветныя войны, былі нанава адкрыты і набылі неверагодную папулярнасць у Расіі. Геапалітыка замяніла сучасныя падыходы да міжнародных зносін і стала абавязковым курсам у расійскіх універсітэтах. За 20 гадоў было апублікавана больш за 40 арыгінальных падручнікаў па геапалітыцы, а таксама перакладзеныя і выдадзеныя тэксты Фрыдрыха Ратцэля, Карла Хаўсхофера, Хелфарда Маккіндэра, Рудольфа Чэлена і інш. Геапалітыка выкарыстоўваецца для легітымацыі аўтарытарызму як адзінай магчымай і абумоўленай прыроднымі ўмовамі формы палітычнай улады ў Расіі. Уся сусветная гісторыя трактуецца як бясконцая вайна «марскіх» дзяржаў з «кантынентальнымі», аплотам якіх з’яўлялася Расія. Геапалітычная рыторыка ўжываецца для апраўдання выкарыстання ваеннай сілы ў міжнародных адносінах і, у прыватнасці, у дачыненні да Украіны, якая лічыцца ключавой прасторай для аднаўлення статусу Расіі як звышдзяржавы.
З падобнай мэтай выкарыстоўваецца інструменталізацыя (маніпуляцыя) гістарычных ведаў, у якой прымаюць удзел вышэйшыя расійскія чыноўнікі, у тым ліку Дзмітрый Мядзведзеў і Уладзімір Пуцін. Артыкул апошняга «Аб гістарычным адзінстве рускіх і ўкраінцаў» адыграў ключавую ролю ў ідэалагічнай падрыхтоўцы агрэсіі супраць Украіны. З інструменталізацыяй гісторыі цесна звязаны культ Перамогі — традыцыя, створаная ў познім Савецкім Саюзе, якая дасягнула свайго апафеозу ў часы праўлення Пуціна. Ён уключае ў сябе шэраг дзяржаўных і грамадскіх мерапрыемстваў, у тым ліку ваенныя парады, масавыя мітынгі і шэсці («Бяссмертны полк»), карнавалізаваныя шэсці ў вайсковай уніформе, ушанаванне помнікаў вайны, услаўленне зброі (аўтамат Калашнікава як культурны брэнд Расіі), шматлікія кінастужкі, серыялы і г. д.
Мэта культу Перамогі — мілітарызацыя публічнага дыскурсу, пераўтварэнне вайны ў штодзённую рэальнасць. Ён трансфармаваў гістарычную памяць у культ вайны як такой. Будучы своеасаблівай формай масавай апантанасці («победобесие»), яна ў значнай ступені паспрыяла ўспрыняццю агрэсіі супраць Украіны як працягу Другой сусветнай вайны.
«Русский мир» як палітыка мяккай сілы
Тэрмін «русский мир» у вузкім сэнсе слова быў прапанаваны ў 1990-х гг. філосафам Пятром Шчадравіцкім. Ён разглядаў яго як сеткавую структуру рускамоўных суполак, падтрымка якіх дапамагла б Расіі захаваць пазіцыю звышдзяржавы.
Наступныя трансфармацыі гэтай ідэі ператварылі яе ў прыладу маніпуляцыі інтарэсамі рускамоўнага насельніцтва для ўмяшання ва ўнутраныя справы замежных дзяржаў, у першую чаргу, Украіны.
У 2007 годзе вядучы расійскі этнолаг Вадзім Цішкоў распрацаваў поўнамаштабную канцэпцыю «русского мира». Ён разглядаў яго як унікальнае ўтварэнне, заснаванае на лаяльнасці да расійскай культуры, мовы і палітычнага кіраўніцтва Расіі. Цішкоў лічыў, што расійскі ўрад павінен умешвацца ва ўнутраныя справы дзяржаў са значнай часткай рускамоўнага насельніцтва, каб дамагчыся або іх федэралізацыі, або прадстаўлення рускай мове статусу другой дзяржаўнай.
З таго часу «русский мир» быў уключаны ў афіцыйны дыскурс расійскай знешняй палітыкі. Была створаная сетка дзяржаўных і, умоўна, грамадскіх устаноў для прасоўвання яго ідэалогіі і кансалідацыі супольнасцей прыхільнікаў. У тым ліку – Фонд «Русский мир», Рассупрацоўніцтва, Фонд публічнай палітыкі імя Гарчакова, і інш. Вядома, што аддзяленні Рассупрацоўніцтва адыгралі істотную ролю ў акупацыі Крыма, стварэнні самаабвешчанных Луганскай і Данецкай Народных рэспублік.
Рыторыка «русского мира» выкарыстоўвалася і ў 2014 годзе, і для падрыхтоўкі поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны ў 2022–2024 гадах. Цяпер тэрмін «русский мир» трывала асацыюецца з неаімперыялістычнай знешняй палітыкай Расіі.
Адмысловая канцэпцыя «русского мира» была створаная кіраўніцтвам Рускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Яна ўтрымлівае ідэю «Святой Русі» — царкоўнага ўвасаблення існавання нібыта «трыадзінага рускага народа». Разам з тым «русский мир» у трактоўцы РПЦ уключае і Малдову, царква якой падначаленая Маскоўскаму патрыярхату.
«Русский мир» і Беларусь
Беларусь у канцэпцыях «русского мира» разглядаецца як яго неад’емная частка, якой наканавана ўвайсці ў склад будучай еўразійскай імперыі. У Беларусі актыўна дзейнічаюць інстытуты мяккай сілы Расіі, пры гэтым Рассупрацоўніцтва мае больш прадстаўніцтваў, чым у якой-будзь іншай краіне свету. Правайдарамі ідэалогіі «русского мира» з’яляюцца некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі, прапагандысты, асобныя сілавыя структуры (ГУБАЗІК) і ўстановы РПЦ (Свята-Елізавецінскі манастыр).
Разам з тым сярод прыхільнікаў рэжыму ёсць і тыя, хто негатыўна ставіцца да «русского мира». Згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, на ўзроўні масавай свядомасці шмат якія кампаненты яго ідэалогіі або мала вядомыя, або не падтрымліваюцца (еўразійства, месіянізм, варожасць да Захаду). Нягледзячы на нелімітываную актыўнасць расійскай прапаганды, пераважная большасць апытаных негатыўна ставіцца да адной з канчатковых мэтаў «русского мира» — ліквідацыі беларускай дзяржаўнасці. Разам з тым вялікую пагрозу нясе інструменталізацыя гістарычнага дыскурсу, перад усім — пашырэнне канцэпцыі «трыадзінага народа», якая мае дастаткова вялікую колькасць прыхільнікаў.
(Працяг будзе)