«Нават на ўзроўні працы з аўдыторыяй мы бачым розную палітыку медыя». Якія каштоўнасці прасоўваюць прапаганда і незалежныя СМІ
Філосаф Павел Баркоўскі разважае ў інтэрв’ю Media IQ аб тым, чым адрозніваюцца аўдыторыі дяржаўных і незалежных медыя, і што іх зараз аб’ядноўвае.
– Ці можна па публікацыях медыя зрабіць высновы аб тым, якія каштоўнасці прасоўваюць дзяржаўныя і незалежныя СМІ?
– Пытанне складанае, таму што СМІ маюць самастойныя рэдакцыйныя палітыкі і таму нельга назваць нейкі трэнд, які б ахарактарызаваў цалкам усе незалежныя ці ўсе дзяржаўны СМІ. Але, канешне, па больш рэпрэзентатыўным медыя можна рабіць некаторыя высновы.
Зразумела, што большасць тых медыя, якія пазіцыянуюць сябе як незалежныя, спрабуюць працаваць паводле пэўных стандартаў журналісцкай этыкі. Таксама яны кіруюцца ўласным разуменнем аб’ектыўнай падачы інфармацыі. Ну і адпаведна ў сваіх матэрыялах яны больш звяртаюць увагу на тэму парушэння законаў і правоў чалавека, якія адбываюцца ў Беларусі. І такі трэнд на правы чалавека, на выкананне законаў прысутнічае ў незалежнай прэсе.
Дзяржаўныя выданні, відавочна, зараз хутчэй з’яўляюцца рупарамі прапаганды, пэўных каштоўнасцяў, блізкіх да аўтарытарнай улады. І таму там, безумоўна, робіцца акцэнт на справядлівасці любой дзейнасці ўлады, які б яна ні насіла характар. То-бок інфармацыя адмыслова выкручваецца такім чынам, каб пазіцыя і слова існуючай улады падаваліся як адзіныя слушныя і справядлівыя ў кожным выпадку. Нават у канфліктах, неабавязкова звязаных з палітычнай тэмай. Напрыклад, нядаўняя гісторыя з цэнтралізаваным іспытам, калі былі нараканні з боку грамадства і з боку бацькоў на няправільныя працэдуры і, адпаведна, не зусім вартыя даверу вынікі. Але дзяржаўныя СМІ займалі бок пераважна дзяржаўных органаў, нягледзячы на тое, што мусілі б таксама адлюстроўваць пазіцыю грамадства хаця б у нейкім моманце. І толькі пасля таго, як адміністрацыя Лукашэнкі прыняла рашэнне пра перагляд вынікаў, рыторыка трошкі змянілася, але тая ж самая пазіцыя абароны дзяржаўных інстытуцый ад любой крытыкі застаецца. І гэта ўжо відавочная маніпуляцыя і адсутнасць аб’ектыўнага стандарту падачы інфармацыі. Гэта першы момант.
Па другое, канешне, выкарыстанне мовы. На жаль, тыя СМІ, якія знаходзяцца пад прамым ці ўскосным кантролем улады, адыходзяць далёка ад журналісцкіх стандартаў, у тым ліку ў выкарыстанні мовы нянавісці і агулам абразлівых эпітэтаў у дачыненні да сваіх калег з іншага боку, да палітычных апанентаў улады, да любых грамадскіх ініцыятыў, якія выклікаюць з боку ўлады нейкія нараканні.
Відавочна, што нармальныя медыя ў дзяржаве, дзе выконваюцца законы, не маглі б так працаваць проста таму, што іх бы ўжо прыцягнулі да адказнасці за парушэнні шэрагу законаў. У нас жа нават на ўзроўні Мінінфарма на скаргі на фактычныя абразы з боку дзяржаўных журналістаў адказваюць штосьці кшталту таго, што ў нас настолькі вялікая свабода прэсы, што ніхто ў Міністэрстве не можа паўплываць на іх дзейнасць, што з’яўляецца відавочна цынічнай пазіцыяй з улікам таго, як рэагуюць на любыя выказванні незалежных СМІ.
Таму, відавочна, існуюць і розныя інфармацыйныя палітыкі, і рознае стаўленне падачы інфармацыі і спажывання яе аўдыторыяй. Але гэта тычыцца палітызаванай часткі грамадства, дзе ёсць натуральны падзел.
Калі ж казаць пра ўмоўнае «балота», як часта называюць сацыёлагі нейтральную частку грамадства без выразнай палітычнай пазіцыі, то тут хутчэй працуюць нейкія іншыя фактары. Яны звязаныя з інфармацыйным спажываннем, адкуль людзі гатовыя браць інфармацыю, якім крыніцам яны давяраюць, як яны фільтруюць інфармацыю, наколькі ў іх працуе крытычны фільтр, ці глядзяць яны інфармацыю толькі з адной крыніцы, ці прынамсі вывучаюць дадзеныя з розных крыніц.
І калі рабіць якасны аналіз аўдыторыі, то хутчэй за ўсё сталыя спажыўцы інфармацыі ад дзяржаўных крыніц маюць меншы крытычны патэнцыял, яны больш залежныя ад традыцыйных сродкаў перадачы інфармацыі – тэлебачання ці газеты. Яны менш пільнуюцца пра даставернасць інфармацыі, фактчэкінгам не займаюцца – таму імі прасцей маніпуляваць. І гэтым карыстаецца прапаганда. Незалежныя СМІ ў гэтым сэнсе маюць больш крытычную аўдыторыю, і таму ім трэба больш пільна ставіцца да інфармацыі, якую яны перадаюць. Больш пільна ставіцца нават да праверкі крыніц перадачы інфармацыі, фактчэкінга, ці сапраўды гэта мае месца, ці гэта фейк.
Таму нават на ўзроўні працы з аўдыторыяй мы бачым розную палітыку медыя.
– Карціны свету ў спажыўцоў дзяржаўных СМІ і незалежных нідзе не супадаюць?
– Калі казаць пра сталыя палітызаваныя аўдыторыі, то, канешне, іх карціны свету досыць адрозныя. Асабліва ў тых, хто падтрымлівае «рускі мір», у гэтых людзей відавочная залежнасць у тым ліку ад расейскіх сродкаў масавай інфармацыі. Гэтую аўдыторыю адрознівае рознае разуменне прынцыпаў кіравання дзяржавай, дэмакратыі і таго, як яна павінна рэалізоўвацца, ці важна выкананне правоў чалавека, ці магчыма дазваляць іншым людзям неяк самавыяўляцца, ці важная гэта гендарная ідэнтычнасць, ці нейкая іншая прыналежнасць.
– Напрыклад, прыналежнасць да прадпрымальнікаў – прапаганда ўвесь час дыскрэдытуе гэтую частку грамадства, якая, на самой справе, працуе на эканоміку Беларусі.
– Гэта ж і ёсць традыцыйная палітыка, і звязаная яна з асаблівасцямі менталітэту ў першую чаргу чыноўнікаў. Яна такая патэрналісцкая, савецкая. З яе пункту гледжання прадпрымальнікі – гэта спекулянты, буржуі, капіталісты і гэтак далей. Іх максімум можна трываць, але любіць дакладна немагчыма, гэта няправільная частка нашага грамадства. Канешне, захоўваюцца гендарныя стэрэатыпы, звязаныя з роляй жанчыны, мужчыны ў грамадстве, усе гэтыя вядомыя выказванні пра тое, што жанчынам не месца ў палітыцы, напрыклад, ці пра тое, што жанчына прэзідэнтам не можа быць. Гэта проста фіксацыя агульнага стаўлення дзяржавы да гэтай тэмы, ну а дзяржаўныя СМІ, яны так ці інакш гэтую логіку ўзмацняюць, падтрымліваюць, бо хочуць быць рупарам ідэалогіі гэтай дзяржавы.
І партрэт карыстальніка дзяржаўных СМІ складваецца такі: гэта чалавек, які схільны падзяляць каштоўнасці моцнай дзяржавы, каштоўнасці татальнага кантролю, каштоўнасці малой разнастайнасці што ў грамадскім жыцці, што ў прыватным жыцці, што ў культурным жыцці. Тут і гамафобія, боязь усялякіх праяў, напрыклад, гей-культуры на ўсіх узроўнях.
Нельга сказаць, што такіх перакананняў зусім няма ў прыхільнікаў незалежных СМІ. Проста там яны звычайна знаходзяцца ў меншасці. Ці можа быць мазаіка поглядаў, то бок людзі могуць быць досыць прадэмакратычнымі ў сваіх выказваннях, што датычыцца палітыкі, але досыць традыцыяналістамі, напрыклад, у сферы прыватнага жыцця, той жа самай гамафобіі і гэтак далей. Тут няма такой чыстай карцінкі, тут плюс-мінус у гэтых аўдыторыях, тут проста выразныя трэнды, на якія можна абаперціся. Трэнды з аднаго боку – вось свабоды, больш правоў чалавека, больш разнастайнасці, трэнды з другога боку – гэта больш кантролю, менш разнастайнасці, больш адзінай ідэі ці адзінай ідэалогіі з боку дзяржавы.
– Кто больш схільны да прапаганды?
– Відавочна, што больш падлягае прапагандзе той чалавек, хто ад пачатку не мае ўстаноўкі на тое, каб ёй супрацьдзейнічаць. То-бок калі чалавек верыць інфармацыі, якая яму падаецца праз афіцыйныя каналы, ён ужо робіцца залежным ад той прапаганды, якую яму будуць навязваць. У гэтым сэнсе любы чалавек з альтэрнатыўнымі ўстаноўкамі будзе супраціўляцца дзеянню дзяржаўнай прапаганды.
Гэта не значыць, што ўся аўдыторыя незалежных сродкаў інфармацыі абароненая і крытычная. Далёка не ўсе людзі валодаюць добрай медыяпісьменнасцю, не ўсе здольныя адрозніваць фэйкі ад сапраўдных фактаў, вельмі часта адгукаюцца на гучныя загалоўкі, на сумнеўныя крыніцы інфармацыі, на якія спасылаюцца СМІ. Таму, калі вы хочаце больш пэўна карыстацца СМІ, павінны абапірацца не на адну крыніцу інфармацыі, а на некалькі. Пажадана, каб гэта былі крыніцы з розных бакоў. І не толькі мясцовыя, але і замежныя крыніцы. Тады можна на адны і тыя ж падзеі глядзець рознымі вачыма і знаходзіць тую сярэднюю лінію разумення інфармацыі, якая будзе больш набліжацца да аб’ектыўнага стану рэчаў і будзе менш ідэалагічна скажонай. Неважна, з якіх прычын. З прычын афіцыйнай прапаганды ці з прычын барацьбы з рэжымам.
– Ці размаўляюць медыя, дзяржаўныя і незалежныя, са сваімі аўдыторыямі аб будучыні?
– З вобразам будучыні сапраўды існуе пытанне як да афіцыйнай ўлады, так і для яе апанентаў. Рэжым Лукашэнкі зараз, канешне, не мае нейкай выразнай карцінкі будучыні нават для сваёй аўдыторыі. З большага тая рыторыка, якую яны ўжываюць, гэта выстаяць, пратрымацца, абараніцца, ну то-бок такая рыторыка крэпасці ў аблозе. Што зараз цяжкія часы, супраць нас увесь свет, асабліва Захад, і ніякай будучыні: галоўнае – выжыць і не здацца. Усе аб’яднаемся вакол гэтай дзяржавы, забаронім усё, што ідзе ёй не на карысць і гэтым пераможам. Таму тут не ідзе гаворка пра нейкую добрую візію будучыні – гэта хутчэй рыторыка захавання таго, што засталося ад папярэдняга вобразу стабільнай Беларусі. І гэты вобраз усё цяжэй падтрымліваць: колькасць людзей, якія працуюць у Беларусі, скарачаецца, павялічваецца дэфіцыт кадраў па шмат якіх накірунках і гэтак далей. І гэтаму цяжка супрацьпаставіць проста былую прапаганду.
Што датычыцца супраціўнікаў рэжыму, то тут, канешне, таксама вельмі важна было б прэзентаваць нейкую візію новай Беларусі, той будучыні, якую мы хочам пабудаваць. З аднаго боку, ёсць ужо рухі ў гэты бок, то-бок фармулююцца пэўныя канцэпцыі, пэўныя праграмы, у якіх пачынаюць контуры будучай Беларусі прамалёўвацца, і гэта так ці інакш трапляе ў грамадскую дыскусію. Іншая справа, што вельмі цяжка гэта рабіць такім звыклым шляхам, шляхам шырокага грамадскага абмеркавання, нейкага зацвярджэння такога легальнага, бо збольшага беларуская грамадзянская супольнасць аказалася альбо выціснутай за межы краіны, альбо існуе ў падпольным рэжыме ў Беларусі. Таму відавочна, ёсць пытанні, як лепш артыкуляваць гэты голас іншай Беларусі, каб гэта закранала візію упэўненай большасці грамадзян.
В тему
– Але вобраз будучыні, які будуць прэзентаваць незалежныя медыя, можа не спадабацца значнай колькасці тых самых нейтралаў. Напрыклад, бясплатная медыцына, адукацыя, пра якія ўвесь час кажа прапаганда, прывабліваюць не толькі прыхільнікаў Лукашэнкі, але і пэўную частку яго праціўнікаў. А ў новай Беларусі хутчэй за ўсё медыцына будзе платнай, яшчэ і нерэнтабельныя заводы трэба будзе закрыць.
Ці можа гэта быць праблемай?
– Гэта няхуткая праца. І, дарэчы, многія незалежныя СМІ пачынаюць паступова яе рабіць, калі, напрыклад, расказваюць беларусам, колькі падаткаў рэальна ідзе з іх кішэні на ўтрыманне дзяржавай. Што ўмоўнае вось гэтае слова «бясплатная», што датычыць медыцыны, гэта не тое, што вялікая нацяжка, гэта насамрэч перакручванне, бо фактычна з улікам таго, што беларусы большую частку сваіх заробкаў аддаюць у фонд дзяржавы, то фактычна гэтая ўся медыцына аплочваецца з іх кішэні. Іншая справа, што прапагандай гэта падаецца нібыта як нічые грошы, ці грошы дзяржавы. Лукашэнка кажа, я вось знайшоў вам грошы, а дзе ён іх знайшоў пры гэтым не кажа.
І, канешне, гаворка ідзе пра тое, што любыя там рэформы, любыя змены існуючай сістэмы могуць людзьмі сустракацца як з прыхільнасцю, так і з нейкімі засцярогамі ці супрацьдзеяннем. І тут важна, каб будучыя фарматы былі цалкам празрыстыя ў сваіх падыходах, каб яны даводзілі слушнасць тых ці іншых рашэнняў, былі шчырымі ў размове з аўдыторыяй, не хавалі нейкіх крытычных пытанняў, але паказвалі, чаму гэта варта рабіць. І ў прынцыпе, ёсць жа прыклады іншых краін, тых жа краін Балтыі, напрыклад, ці Польшчы. Шмат у якіх з гэтых краін да ўлады прыходзілі людзі з эміграцыі, якія прыязджалі ўжо з гатовымі прапановамі, візіямі таго, як павінна адбывацца рэформа эканамічнага, палітычнага, грамадскага жыцця. І, паколькі ў іх была сфармуляваная візія, а большасць грамадства не мела ніякага пэўнага меркавання, то ім было прасцей дзейнічаць і прапаноўваць свае ідэі вялікай аўдыторыі. Бо заўсёды людзі ахвотна слухаюць тых, хто маюць план, маюць, што сказаць, чым проста паціскаць плячыма і казаць, маўляў, ну давайце штосьці тут на каленцы выдумляць.
Таму можа быць і так, што, калі зараз беларуская эміграцыя, беларуская дыяспара напрацоўвае нейкія рашэнні, нейкія планы на будучыню, гэта можа стаць падставай для таго, каб перамены ў краіне адбыліся лягчэй, чым калі б такіх планаў не было. І тут галоўнае – проста быць сапраўды шчырымі з аўдыторыяй, з грамадствам, і паказваць выгады і плён усёй гэтай рэфарматарскай дзейнасці. Калі ты прапануеш нейкі план – будзь шчырым у тым, чаго ты можаш дасягнуць і што можаш згубіць.