Аналитика и обзоры Мнения Мониторинг СМИ Тренды Всячина Видео Тесты Тэги
facebook Lviv Media Forum nizkiz Telegram Азаренок балючыя пытанні беларусские СМИ Би-2 бигтех Борис Надеждин будущее Владимир Путин ВНС война в Украине выборы в КС выборы в России гендер государственные медиа деконструкция диаспора дискриминация доносы закон Израиль инфографика Иран исследования история манипуляции как не поддаться пропаганде Киберпартизаны кино Китай КНДР конспект конспирология конференция «Новая Беларусь» Координационный Совет лгбт мова нарушение стандартов независимые медиа Новая Боровая образование олимпиада-2024 Павел Дуров подкаст политзаключенные политическая коммуникация Польша права человека приемы пропаганды прогнозы прокремлёвские нарративы пропаганда манипуляции пропаганда о чиновниках протесты в Грузии региональные сми рекламный рынок Рико Криегер российские СМИ СБ Сидорская союзное государство спорт стандарты стандарты журналистики СТВ США Такер Карлсон твиты телеканалы теория пропаганды тесты Томаш Шмыдт уязвимые группы фашисты фейки ценности Чернобыль Что почитать электоральная кампания 2024 язык вражды

Альгерд Бахарэвіч: «Калі б Беларусь сто гадоў таму абрала лацінку, Лукашэнка ня меў бы ніякіх шанцаў»

Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч называе сябе адданым прыхільнікам беларускай лацінкі. Да Дня роднай мовы пагутарылі зь ім пра тое, як лацінка ратуе беларусаў ад плывучай бомбы «русского міра» і набліжае да Эўропы, і што трэба рабіць, каб захаваць гэтае пісьмо.

Поделиться:

«Лацінка была прыгожым увасабленьнем на пісьме таго, пра што я марыў»

– Якія вашыя ўспаміны пра ўжываньне і значэньне беларускага лацінскага альфабэта ў 90-х – 2000-х?

– Я адкрыў для сябе беларускую лацінку прыкладна ў 1991 годзе і з таго часу зрабіўся яе адданым прыхільнікам. Памятаю гэтую сьціплую кніжачку лацінкай: «Што трэба ведаць сапраўднаму беларусу?» – я купіў яе на плошчы Леніна ў Менску падчас антыкамуністычнай дэманстрацыі. Лацінка была прыгожым увасабленьнем на пісьме таго, пра што я марыў: незалежная, вольная эўрапейская краіна Беларусь, якая пакінула змрочны «русскій мір». Падчас вучобы на філфаку пэдагагічнага ўнівэрсытэта я пісаў лацінкай канспэкты.

Ужо тады мне было ясна, што праект вяртаньня лацінкі ў беларускую мову так і застанецца маргінальным. Гэта было занадта сьмела і радыкальна для беларусаў першых гадоў незалежнасьці, а цяпер дык пагатоў – беларусы, у прынцыпе, гатовыя ратаваць мову, але не лацінку. Consuetude est altera natura…

У 90-я я ведаў асабіста чалавек дзесяць, ня больш, якія падтрымлівалі лацінку. Але калі ты кіруешся прынцыпам: рабі немагчымае, рабі насуперак усім – мары часам ператвараюцца ў рэальнасьць. Я пакінуў лацінку для сябе – а сам пачаў пісаць тарашкевіцай. Напісаў ёй усе свае кнігі і тэксты па-беларуску. Пішу і цяпер. У 90-я гады ўсе даведаліся, як узьнік наш «афіцыйны правапіс». Ягонай мэтай была русіфікацыя, яго ўвялі гвалтоўна, не ўлічыўшы меркаваньні мовазнаўцаў, па-бальшавіцку, па-сталінску. Тарашкевіца для мяне своеасаблівы кампраміс: лацінка – занадта крута для чытача, наркамаўка непрымальная для мяне.

Хто і як выкарыстоўваў беларускую лацінку?

У XІX ст. некаторыя беларускія пісьменьнікі з польскага культурнага асяродзьдзя карысталіся лацінскім пісьмом, выключна ці часткова, у сваіх працах, напісаных па-беларуску. Асабліва Ян Чачот, Паўлюк Багрым, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч. Рэвалюцыйны дэмакрат Кастусь Каліноўскі друкаваў лацінскім пісьмом беларускамоўную ґазэту «Мужыцкая праўда» (у арыгінале: «Mużyckaja prauda»; 7 нумароў у 1862 – 1863 гадах). Нелегальнае вершаванае беларускае выданьне «Гутарка двух суседаў» – папярэдніца «Мужыцкай праўды» – таксама друкавалася лацінкай і разыходзілася пераважна па Беласточчыне і Гарадзеншчыне. Вядома 6 нумароў «Гутаркі», першы зь якіх выйшаў у 1861 годзе.

Звычай лацінскага запісу беларускага тэксту паступова зьнікаў з ужытку на працягу XX ст., хоць яшчэ ў яго пачатку назіралася суіснаваньне двух шрыфтоў. Шматлікія беларускія выданьні друкаваліся лацінкай часткова ці цалкам. Лацінкай выдавалася газэта «Наша доля» (1906). «Наша Ніва» (нумары ў пэрыяд з 10 лістапада 1906 г. па 31 кастрычніка 1912 г.) выходзіла асобна кірыліцай і лацінкай.

У 1906 годзе былі надрукаваныя лацінкай зборнікі вершаў Цёткі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду». Першы зборнік вершаў Янкі Купалы «Жалейка» выйшаў у 1908 годзе і быў надрукаваны кірыліцай, а другі ягоны зборнік «Гусьляр» (у арыгінале – Huślar) зьявіўся ў 1910 годзе і быў надрукаваны лацінкай.

У 1914 годзе ў Вільні быў выдадзены зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», на вокладках якога былі зьмешчаныя сьпісы кніг, якія магчыма заказаць у выдавецтве. Сярод 80 выданьняў 44 былі даступныя кірыліцай, 20 – лацінкай, а 16 былі выдадзеныя і даступныя абедзьвюма графікамі.

У 1990-х гадах, пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасці, павялічылася цікавасьць да беларускай лацінкі. Лацінкай друкаваліся некаторыя артыкулы ў прэсе («Наша Ніва», «Arche», «Arche-Скарына», «Спадчына»). Адроджаная ў 1990-я гады «Наша ніва» за рэдактарствам С. Дубаўца выдавала цэлыя нумары лацінкаю. Рэгулярна выдае лацінкаю свае кнігі Ўладзімер Арлоў.

Падрабязней чытайце тут.

«Наша лацінка – гэта адзін з сымбаляў Іншай Беларусі»

– У 1906 – 1917 гадах было надрукавана ня менш за 60 выданьняў адначасова кірыліцай і лацініцай. Друкаваць у пачатку XX стагодзьдзя газэты, часопісы, кнігі лацінкай: выбар на карысьць ідэі альбо папулярызацыі?

– Я мяркую, што тыя, хто разьвіваў беларускамоўны друк на пачатку ХХ стагодзьдзя, добра разумелі некалькі важных рэчаў. Па-першае, польскі ўплыў на Беларусі быў тады значна большы, чым цяпер, польская мова і культура мелі моцныя пазыцыі.

Беларусы-каталікі часта лічыліся палякамі. Беларуская лацінка была, так бы мовіць, спробай гаварыць зь імі зразумелымі для іх літарамі, спробай абудзіць нацыянальную сьвядомасьць з дапамогай блізкіх ім знакаў.

Па-другое, яшчэ з часоў Багушэвіча (які сам пісаў лацінкай, але ня той, якую мы маем цяпер) малады, неакрэплы беларускі нацыяналізм з павагай і надзеяй глядзеў на захад, а дакладней, на нацыянальнае абуджэньне славянскіх народаў. Успомнім, што ў прадмове да «Дудкі Беларускай» гаворыцца ў тым ліку пра харватаў і чэхаў. Славянаў, якія паслугуюцца ў пісьме лацінкай – і прыклад якіх варты перайманьня, бо і харваты, і чэхі дасягнулі значна больш за беларусаў у сэнсе культурнай аўтаноміі. У межах імпэрыі Габсбургаў чэхам і харватам было прасьцей разьвіваць свой друк і сваю культуру, чым беларусам у імпэрыі Раманавых. Праўда, пра «жменьку» баўгараў і ўкраінцаў у «Прадмове» таксама ёсьць згадка – і гэта адлюстроўвае вечныя беларускія ваганьні: куды нам ісьці, да заходняй, лацінскай цывілізацыі – або заставацца ў межах умоўнага «бізантыйскага» ўплыву? Захад або Ўсход? Адзінага адказу так і не знайшлі.

У кожным разе, пачынальнікі беларускага друку ўжо тады бачылі магутны патэнцыял лацінкі як зброі ў барацьбе супраць асыміляцыі. Лацінскі альфабэт заўсёды быў нечым большым за проста сыстэму пісьма – ужо ў тыя часы гэта быў цывілізацыйны выбар. Гэта разумела і кірылічная Расейская імпэрыя – расейскую кірыліцу ў свой час намагаліся навязаць нават літоўцам…

Кнігі, выдадзеныя ў канцы XIX – пачатку XX стст. беларускай лацініцай. Фотаздымкі з сайта be.wikipedia. Калаж: Лёся Сіваграк

– А чым быў абумоўлены выбар друкаваць лацінкай выданьні ўжо на мяжы ХХ і ХХІ стагодзьдзяў?

– Гэта было імкненьне вярнуць беларусам іх скрадзеную спадчыну. Беларуская лацінка – важная частка нашай культуры, і каляніяльныя ўлады забаранялі і хавалі яе ад людзей ня проста так.

Беларусь насамрэч – посткаляніяльная краіна, і вярнуць лацінку прынамсі як элемэнт культурнай спадчыны – гэта праява антыкаляніяльнай барацьбы. Але ня менш важна, што наша лацінка – гэта адзін з сымбаляў Іншай Беларусі, несавецкай, эўрапейскай, вольнай, альтэрнатыўнай.

Варта было нагадаць людзям, што беларуская мова існуе ня толькі ў яе панылым «школьным варыянце» («пачці как руская, толька з «ў» і «і»), але і ў ня менш эўрапейскім за польскую, літоўскую, чэскую. Нагадаць, што гістарычна і цывілізацыйна Беларусь належыць да Эўропы. Нагадаць пра разнастайнасьць беларускай мовы, гісторыі і культуры. Бо ніхто ніколі не казаў, што лацінка – адзіны правільны выбар. Але яна была і ёсьць – і робіць нас культурна і моўна багацейшымі.

Хоць асабіста я рызыкну сказаць, што калі б Беларусь сто гадоў таму абрала лацінку – яе гісторыя пайшла б зусім інакш. Лукашэнка зь яго савецка-расейскімі заявамі ня меў бы на пачатку 90-х ніякіх шанцаў. Але гэта, вядома, з галіны альтэрнатыўнай гісторыі. Проста трэба разумець, што лацінка – нешта большае за проста літары.

«Пішыце лацінкай там, дзе хочаце, каб вас пачулі»

Ад сярэдзіны 1940-х і да пачатку новага беларускага адраджэньня (1980-х) друк беларускай лацінкай працягваўся толькі ў эміграцыі. Беларуская дыяспара захавала лацініцу ад забыцьця і фізычнага зьнішчэньня, якія цяпер ёй не пагражаюць. Як могуць дыяспара ці беларусы ў Беларусі захаваць лацінку ад зьнішчэньня сэнсавага, сымбалічнага?

– Ведаеце, тут ёсьць пэўны парадокс. Калі б беларуская мова была ў Беларусі адзінай дзяржаўнай, калі б улады не дыскрымінавалі яе, а наадварот, усяляк падтрымлівалі – у лацінкі было б менш шанцаў ацалець. Бо прызнаная ўсімі адзіная дзяржаўная мова засёды імкнецца да уніфікацыі, да адзінага правапісу і адзінага пісьма. Калі б беларуская мова цяпер мела б рэальны статус адзінай дзяржаўнай – мяркую, усе карысталіся б афіцыйным кірылічным правапісам, а лацінка і тарашкевіца паціху б вымерлі.

Але сытуацыя зусім іншая, улада намагаецца зьнішчыць беларускую мову, замкнуць яе ў межах сацыяльнага гета, як калісьці. І ў такіх умовах лацінка працуе на карысьць беларускай мовы – як самая непакорлівая, самая эўрапейская, самая апазыцыйная яе праява. Як і тарашкевіца, дарэчы. Разнастайнасьць мовы ў такім становішчы робіцца нашай перавагай.

Захаваць лацінку можна, пачаўшы зь сябе. Мова – гэта арганізм, які жыве толькі тады, калі мае сувязь зь іншымі. І ў самой Беларусі, і за яе межамі беларусы карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, поштай, мэсэнджэрамі.

Калі мы хочам захаваць лацінку ад зьнішчэньня і прадэманстраваць, што яна нам патрэбная – мы мусім ёй пісаць. Пісаць не сымбалічныя рэчы, а важныя для саміх сябе. Пісаць пра свае будзённыя, паўсядзённыя, інтэлектуальныя, эмацыйныя перажываньні, а ня толькі: Žyvie Biełaruś!

Кожнае слова, напісанае беларускай лацінкай, дадае ёй сілаў. І паказвае яе ворагам, што яны пралічыліся, паставіўшы на хуткую перамогу.

Пішыце лацінкай там, дзе хочаце, каб вас пачулі. Пішыце лацінкай свае імёны і прозьвішчы. Усе мае кнігі, выдадзеныя за мяжой, апрача Расеі, маюць на вокладках маё імя лацінкай: Alhierd Bacharevič. Гэта прывучае сьвет да іншага вымярэньня Беларусі. У сеціве хапае праграмаў, каб пісаць лацінкай. Навучыцца ёй проста. Значна прасьцей, чым грузінскаму альфабэту або кітайскім ерогліфам. Хоць мая мара, вядома – чытаць кнігі, перакладзеныя з грузінскай на беларускую лацінку.

Вокладкі альбомаў беларускіх музыкаў. Калаж: Новы Час

«Пачынаючы з лацінкі, мы абвяшчаем: з намі трэба гаварыць наўпрост, а не праз расейскае пасярэдніцтва»

Якую ролю цяпер грае лацінка ў трансьляцыі пасланьня Захаду, якое належыць да вашых strong opіnіons: Беларусь – гэта Эўропа?

– На жаль, Захад дагэтуль почасту ўспрымае Беларусь як гістарычную частку Расеі, а беларусаў – як разнавіднасьць расейцаў. Хоць нейкія павольныя зьмены ў сьвядомасьці заходніх палітыкаў і інтэлектуалаў усё ж адбываюцца – асабліва пасьля 2020-га году і пачатку вайны ва Ўкраіне. Можна сказаць, што беларуская кірыліца таксама замінае Захаду ўспрымаць нас асобна ад Расеі – ніхто не прыглядаецца да адрозьненьняў. Кірыліца для Захаду часьцей за ўсё: russian letters. Пра тонкасьці ведаюць, як правіла, толькі спэцыялісты. А баўгары і сэрбы на Захадзе мала каго цікавяць – лічыцца, што ў іх дэмакратыя.

Беларуская лацінка для заходняга эўрапейца заўсёды – вялікае адкрыцьцё, якое перакульвае ўсе ягоныя ўяўленьні пра Эўропу, пра яе гісторыю і яе нацыянальна-культурнае аблічча.

У Захаду трэба вучыцца – але і яго трэба вучыць. Адвучаць яго ад стэрэатыпаў адносна Беларусі і Ўсходняй Эўропы. Лацінка тут – важны сродак адукацыі, стварае сувязь паміж Беларусьсю і заходнім дэмакратычным сьветам. Ці, хутчэй, аднаўляе страчаную повязь.

Лацінка робіць нас бліжэйшымі і больш зразумелымі. Летась на фэстывалі ў Харватыі мясцовая паэтка, пабачыўшы мае вершы беларускай лацінкай, вельмі зьдзівілася – яна зразумела практычна кожнае слова. Аповед пра беларускую лацінку, прызначаны для заходняга чалавека, непазьбежна ператвараецца ў пазнавальную лекцыю пра Беларусь, яе культуру, мову, палітыку, пра яе сёньняшнюю катастрофу. Пачынаючы з лацінкі, мы абвяшчаем: з намі трэба гаварыць наўпрост, а не праз расейскае пасярэдніцтва. Мы выключаем расейскі тэлевізар.

У 2020 годзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі да Дня роднай мовы правяла выставу Biełaruskaja łacinka. Плякат з сайта nlb.by

Да 2022-га дзяржава стварала ілюзію прыхільнасці да беларускай лацінкі, выкарыстоўваючы ў геаграфічных назвах. Але ж гэта не выклікала асаблівай рэакцый з боку грамадзтва. Цяпер, калі лацінка аб’яўлена «нетрадыцыйнай каштоўнасьцю» і раздражняе прапаганду, ці стрыгерыць гэта беларусаў?

– Спрацоўвае прынцып жыцьця ў таталітарных грамадзтвах: калі нешта забаронена, яно вартае ўвагі і падтрымкі. Улады гэта адчуваюць, але дзейнічаць тонка яны ня ўмеюць, а кантраляваць інтэрнэт у поўнай меры ня здольныя. Ужо цяпер лацінка, як я бачу, выклікае ў беларусаў значна больш цікавасьці, чым гэта было, скажам, у 2019-м.

Прыходзіць разуменьне, што лацінка можа дапамагчы адарвацца ад плывучай бомбы «русского міра», атаясамліваць сябе зь якім сёньня сорамна нават тым, хто ня бачыў раней у ім ніякай праблемы.

Але пра сапраўдную хвалю «лацінізацыі» ні сёньня, ні ў будучым гаварыць не выпадае. Краінамі кіруюць дыктатары або дэмакратычна абраныя ўрады, чалавекам кіруюць лёс, бог, выпадак, культурамі кіруюць мовы і час. Але над намі як грамадзянамі, дзе б мы ні жылі і ў ва што б ні верылі, стаіць бюракратыя. Вось той слой улады, зьмяніць які цяжэй за ўсё ў любым грамадзтве. У яго інтарэсах не мяняць мову ўлады, што б ні адбылося. Галоўная задача бюракратыі – захаваньне самой сябе. Беларуская бюракратыя будзе галоўным бар’ерам для лацінкі, каменным бастыёнам на шляху яе прызнаньня. Бюракратыя не прызнае ні стратэгіі, ні тактыкі, ні геапалітыкі, ні беларускай лацінкі.

«Сьвет можна зьмяніць з дапамогай мовы»

Як вы прыйшлі ў творчасці да пытаньняў філязофіі мовы, яе існасці, прыроды? Чаму вы абралі працаваць з мовай ня толькі як зь інструмэнтам, а яшчэ і як з канцэптам? «Дзеці Аліндаркі», «Сабакі Эўропы» – раманы, у якіх мова асобны герой.

– Я чалавек, апантаны мовай. Мовай зь вялікай літары – як фэнамэнам чалавечага існаваньня, і асобна ўзятымі мовамі – беларускай, расейскай, нямецкай, трасянкай ці іншай… Я пішу ў сваіх раманах і эсэ пра мову ўлады і ўладу мовы – бо паходжу з краіны, дзе адной мовы ніколі не было і няма, дзе мова – гэта і найвялікшая траўма, і велічная мара, і сорам, і сродак панаваньня.

Мова стварае ўнутры Беларусі нябачныя, але адчувальныя межы паміж людзьмі. Мова наогул стварае межы – хоць унутры яе межаў няма. Мова разьядноўвае нас, аб’ядноўваючы. Ужо больш за 30 гадоў я – беларускамоўны чалавек. Такім, як я, жыць у расейскамоўнай Беларусі заўсёды было цяжка. Мы былі чужымі – і наш досьвед складаецца з мноства выклікаў, канфліктаў, кампрамісаў, з прыніжэньняў і пратэсту. Напэўна, таму мова – адзін з галоўных герояў маіх кніг.

Апрача таго, мова заўсёды цікавіла мяне як арганізм, які жыве ўва мне і іншых. Як яна працуе? Чым жывіцца? Якія мае законы? Як нараджаецца і памірае? Як валодае намі? Мова заўсёды мае дачыненьне да ўлады, часам яна – садамазахісцкая практыка, часам яна – пэрвэрсія, часам яна – сублімацыя. Каб зразумець, што такое мова – трэба яе сабе прыдумаць.

– Што вы і зрабілі. Калі лацінка – маркер ідэнтычнасці, то бальбута таксама? Што іх яднае і адрозьнівае?

– Лацінка – гэта сыстэма пісьма, графіка. А бальбута – мова, якую сканструяваў адзін з герояў «Сабакаў Эўропы». Кожная сканструяваная мова, constructed language, нясе ў сабе прэтэнзію на ўнівэрсальнасьць і шырокую даступнасьць. Стваральнік бальбуты не прыдумляе для яе адмысловыя літары, ён бярэ для яе лацінскі альфабэт як самы распаўсюджаны і найбольш зразумелы ў сьвеце. Лацінскае пісьмо без усялякіх дыякрытычных знакаў. Такі падыход не спадабаўся б беларускай лацінцы, у якой багата дыякрытыкі.

Кожная мова і кожнае пісьмо – гэта ідэалёгія. І тут у бальбуты і беларускай лацінкі ёсьць падабенства. Яны абедзьве прапануюць карыстальніку візію Іншага Сьвету, якога няма, але які можна стварыць, пачаўшы зь сябе. У выпадку бальбуты – гэта сьвет свабоды, індывідуальнай, творчай, чалавечай, гендэрнай, пазанацыянальнай.

У выпадку беларускай лацінкі – сьвет Іншай, вольнай, эўрапейскай Беларусі. Бальбута і беларуская лацінка кажуць: сьвет можна зьмяніць з дапамогай мовы. Хоць трошкі. Наколькі хопіць моцы.

Што яшчэ лучыць бальбуту і беларускую лацінку – яны абапіраюцца на традыцыю, каб яе зьмяніць. Яны бяруць зь мінулага, каб будаваць будучыню.

Зборнік паэзіі Альгерда Бахарэвіча «Вершы». Фотаздымак з старонкі Альгерда Бахарэвіча ў Facebook

Частка вашай кнігі «Вершы» выйшла лацінкаю. У інтэрв’ю «Новаму часу» вы кажаце, што «беларуская мова – наймагутны інструмэнт супраць асыміляцыі. А беларуская лацінка – гэта наогул браня». Але ж гэтая браня патрэбная ў Беларусі, а кнігу тут пабачаць адзінкі. Тады для каго ў кнізе такі пасыл, як выкарыстоўваньне лацінкі?

– Кожны верш, які ўвайшоў у гэтую кнігу, надрукаваны кірыліцай і лацінкай. Так што кніга роўна напалову выдадзеная лацінкай. Кніга разыходзіцца вельмі добра, ня горш, чым некалі ў Беларусі, бо ўсьлед за шматлікімі пісьменьнікамі і паэтамі, якія пакінулі краіну, масава зьяжджаюць і чытачы. Гэта новая рэальнасьць. Маштабы эміграцыі цяпер нечуваныя. Я цаню ўсіх чытачоў – і тых, хто зьехаў, і тых, хто застаўся. І пішу для іх усіх.

Людзей, якім лацінка патрэбная ў эміграцыі, ня менш, чым тых, каму яна патрэбная ў Беларусі. Бо тут таксама Беларусь – Беларусь у экзылі, Беларусь выгнаная, але не памерлая. Магчыма, гэтыя Беларусі некалі зноў сустрэнуцца. Я дакладна ведаю, што мае «Вершы», асобнік за асобнікам, трапляюць у Беларусь. Спадзяюся, нешта яны зьмяняюць і там, а ня толькі сярод эмігрантаў. Ну і ня будзем забываць – беларускую паэзію можна чытаць у сеціве. Пры жаданьні нават лацінкай.

Скарыстаюся гэтым інтэрвію і скажу: калі камусьці ў Беларусі патрэбная мая кніга зь вершамі лацінкай, напішыце мне ў мэсэнджар, і я дашлю вам яе ў электронным выглядзе.

У 2014 годзе вы напісалі: «Некалі, каб быць беларусамі, трэба было быць летуценнікамі. Цяпер, каб быць беларусамі, трэба быць рэалістамі. Беларуская лацінка – летуценне, без якога рэальнасць была б слабая, як галюцынацыя. Беларуская лацінка – рэальнасць, якая прымушае верыць у летуценні». Ці актуальнае такое сьцьвярджэньне пра беларусаў і лацінку сёньня?

– Мяркую, сёньня гэтыя словы гучаць яшчэ больш актуальна. Больш за сто гадоў беларуская культура і беларуская нацыя існуюць паводле простага і эфэктыўнага правіла: калі чагосьці ня маеш – ствары гэта сам, калі ў цябе нешта забралі – прыдумай гэта наноў. За гэты час было столькі спробаў зьнішчыць беларускую мову, беларускую лацінку, беларускія кнігі і саміх беларусаў – а ўсё гэта жыве, змагаецца і не здаецца. Бо мы ўмеем рабіць немагчымае, мы жывем заўсёды насуперак – а бяз гэтага ня можа быць ні лацінкі, ні мовы, ні творчасьці, ні свабоды.

Фота на галоўнай старонцы і ў сацсетках: Юлія Цімафеева

Хорошо 5
Смешно
Грустно 1
Злюсь
Кошмар 1
Поделиться:

Смотрите также

Обсудим, как пропаганда использует Олимпиаду для манипуляций, разоблачаем мифы о "оскорблении чувств верующих", исследуем эффект Даннинга-Крюгера и его влияние на восприятие информации. Также рассмотрим, как беларусские СМИ освещают выборы в США и последствия урагана в Беларуси.

Аналитика и обзоры

Мнения

Мониторинг СМИ

Тренды

Всячина

Видео

Тесты