Без права на перапіску. Сёлета «Словам года» стала «інкамунікада»
Журналісты «Радыё Свабода» разам з мовазнаўцамі вылучаюць кароткі спіс словаў, каб абраць «слова года». Карыстальнікі сацыяльных сетак галасавалі за пэўнае слова, мавазнаўцы вялі грунтоўныя абмеркаванні ў каментарах. Ужо ў 11-ы раз вызначаецца «беларускае слова года»: зусім новае, або з новым значэннем, або вельмі важнае сёлета. У 2024 годзе першае месца (26,5 % галасоў, з адрывам ад наступных) заняло слова «інкамунікада», што азначае поўную ізаляцыю, пазбаўленне сувязі са знешнім светам.
Гэта сведчыць аб тым, што аўдыторыі «Радыё Свабоды» блізка тэма палітычных зняволенных, яны гатовыя разбірацца і чытаць адпаведныя матэрыялы. Цягам 2024 года гэта слова шмат разоў з’яўлялася ва ўсіх незалежных беларускіх медыя.
Пра ўтрыманне палітвязняў у інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада) казала калегія адвакатаў Нью-Ёрку (ЗША) у сувязі з працяглымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. The Washington Post у сваім матэрыяле заклікаў свет патрабаваць доказаў, што беларускія палітвязні, ад якіх няма звестак, жывыя, і пісаў пра іх утрыманне у рэжыме інкамунікада. Гэта слова ў размовах пра палітычных зняволенных у Беларусі гучала на Кангрэсе па правах чалавека ў Празе, у Радзе правоў чалавека пры ААН, пад час 132-й сэсіі Працоўнай групы ААН. У размовах лідаркі беларускага дэмактарычнага руху Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Польшчы Анджэям Дудам, з міністрам замежных справаў Аўстраліі Аляксандрам Шаленбергам, і іншымі. І гэта толькі зусім малая частка такіх абмеркаванняў.
«Радыё Свабода», «Наша Ніва», Euroradio, Зеркало, Reform і іншыя публікуюць ананімныя аповеды людзей, чыі сваякі-палітзняволеныя ўтрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада: забаронены сустрэчы і перадачы, не прыходзяць лісты. «Радыё Свабода» разважала, як Лукашэнка вярнуў у турмы для палітычных сталінскія парадкі.
Пра ўсё гэта беларусы могуць даведацца толькі з незалежных СМІ. Беларускія дзяржаўныя і недзяржаўныя медыя, якія працягваюць працу ўнутры краіны, зусім не ўзгадваюць слова «інкамунікада». Нават у прапагандыскіх тэлеграм-каналах ва ўласцівай для іх абразлівай манеры. Для медыйнай прасторы дзяржаўнай прапаганды слова «інкамунікада» не існуе. Гэта яшчэ раз падкрэслівае прорву паміж рэчаіснасцю і тым інфармацыйным вакуумам, які ствараюць дзяржаўчыя СМІ для сваіх чытачоў. Слова «палітзняволены» дзяржмедыя таксама не ўжываюць у прамым сэнсе, яно з’яўляецца ў матэрыялах ў двукоссі і са знявагай.
Сёння ў Беларусі ў турмах у рэжыме інкамунікада ўтрымліваюць Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча і шмат іншых палітычных зняволенных, чые імёны не называюць з мэты бяспекі.